Месяц - жоўтая лодка -
Плыве між аблокаў.
Пахне мятай
салодка-салодка
Далёка-далёка.
У абвялых пракосах
Дрэмле ціша святая.
Твае цёплыя косы
Я няўмелай рукой расплятаю.
I цалую
і шыю
і локці...
А ва ўсім вінаваты
Месяц - жоўтая лодка -
Ды салодкая мята.
I з рамонкамі белымі
Уплятаю ў іх сцежку вузкую.
I лаўлю ашалела
Гарачыя мілыя вусны.
I цалую
і шыю
і локці...
А ва ўсім вінаваты
Месяц - жоўтая лодка -
Ды салодкая мята.