зноўку нашыя спадзяванні
як жарынкі, што рушылі ў космас.
ветах будзе трымацца да рання,
распаўсюдзіць таемныя позвы.
вершалінамі дрэвы не з намі,
вершаліны — паверх таямніц.
адлятае лістота клінамі
без гайворанаў і сініц.
сочыць рухі бяскрылыя ветах,
распачатыя ўверх кагадзе.
на дагледжаны зорны палетак,
як насенне, лістота ўпадзе.