Нават сьцюжным зімовым вечарам
Або ў восень, як зьліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу —
Падгінаюцца ногі мае.
Што казаць пра майскае раньне,
Калі ў росах салоўка б’е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.
Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а…кроч не кроч,
Будзе тое ж:
салоўка, журбота,
Цыгарэты агеньчык ля плота
І маўчаньне ў цёплую ноч.
Будзе тое ж:
Начныя лукі
Безь сьвітаньня.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі —
Падгінаюцца ногі мае.
Уладзімір Караткевіч